Sunday, Jun 25th

Last update:04:58:39 AM GMT

Зараз вы тут:

Старажытны горад Ляхавічы

E-mail Друк PDF
Рэйтынг карыстачоў: / 2
ГоршыЛепшы 

Фот. Павел Булаты

Апошнія вандроўкі з мэтай апісання жыцця Беларусі ладзіліся амаль сто пяцьдзясят гадоў таму. Праводзілі іх нашы даследчыкі Адам Кіркор, Павал Шпілеўскі, Уладзіслаў Сыракомля і шмат хто іншы. Рабіліся такія даследаванні і на пачатку ХХ стагоддзя на хвалях нацыянальнага адраджэння. Аднак з тых часоў шмат чаго змянілася: адны эпохі прыходзілі на змену другім, не адзін віхор ваеннага ліхалецця прайшоў па зямлі, шмат што будавалася, перабудоўвалася, а штосьці і руйнавалася… Наш Край прыняў зусім іншае аблічча. І тут з’явілася патрэба такой вандроўкі, якая б магла дасканала адлюстраваць жыццё сучаснай Беларусі. А гэта насамрэч справа важная, і для нас карысная, бо не ўсе мы добра ведаем сваю зямлю і гісторыю свайго кута. Пачынаць трэба са свайго роднага месца – вёскі, мястэчка ці горада. У кожнага свой родны кут, для меня – гэта мястэчка Ляхавічы, па якому і запрашаю Вас зладзіць невялічкі шпацыр.

 

 

 

Упершыню на старонках гістарычных летапісаў Ляхавічы ўзгадваюцца ў тым жа годзе, у якім гішпанскі мараплавец Хрыстафор Калумб дасягнуў берагоў Амерыкі – 1492. Традыцыйнае меркаванне аб тым, што назва горада паходзіць ад ляхаў (палякаў) памылковае, бо ніякіх перасяленцаў з Польшчы тут ніколі не было. Назва «Ляхавічы» паходзіць ад слова ляха – расчышчаная ад лесу пляцоўка, поле. Хутчэй за ўсё ў гэтай мясцовасці жыў чалавек, які расцярэбліваў навокал палі. Адгэтуль і пайшла назва паселішча. Ужо ў час узгадвання ў летапісах Ляхавічы былі буйным мястэчкам, дзе праводзіліся кірмашы. Напрыканцы XVI стагоддзя ў Ляхавічах па загадзе Вялікага гетмана Літоўскага Яна Караля Хадкевіча будуецца магутная бастыённая фартэцыя. Гэты замак, а дакладней яго абарона ў 1660 годзе (падчас «крывавага патопу») была вядома па ўсёй Рэчы Паспалітай, Маскоўскай дзяржаве, і нават у Еўропе. Славутым мястэчка Ляхавічы было і ў ХІХ стагоддзі, калі тут жыло шмат габрэяў і татар.

Фото Mariusz Proskień

Амаль першае, што сустракае трапіўшага ў Ляхавічы вандроўніка – Уздвіжанская праваслаўная царква на старадаўніх могілках. Царква гэта новая, пераробленая з былога малітоўнага дома, які быў перанесены на старыя ляхавіцкія клады ў 1960-я гады падчас барацьбы з рэлігіяй, калі быў зруйнаваны галоўны храм горада. Малітоўны дом пад царкву пачалі перабудоўваць напрыканцы 1980-х, а скончылі ў 1990 годзе, аб чым сведчыла выкладзеная цэглай на галоўным фасадзе дата (не так даўно на яе месцы з’явілася мазаіка Хрыста). Сучасны храм з адметнымі рысамі барочнага стылю мае форму карабля, адзін вялікі купал і сем крыжоў, над кожным з трох уваходаў змешчаны фрэскі на біблейскую тэматыку.

Унутры царквы знаходзіцца рэч, незвычайная для сучасных праваслаўных храмаў – цудоўны барочны алтар, які завяршае абраз ўваскрэшання Хрыста. На ім, перамогшы смерць, Збавіцель стаіць на воблаку і трымае ў руках белую харугву з чырвоным крыжом. Іншых абразоў ці рэчаў старасветчыны ў царкве няма, за выключэннем трохі пашкоджанага, старога пісання абраза Аднойдзення святога Крыжа. Збор абразоў у храме вельмі цікавы і нават патрыятычны: у асноўным храм упрыгожваюць абліччы беларускіх святых – Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Апанаса Берасцейскага, пакутніка Серафіма Жыровіцкага, Божай Маці Вострабрамскай і Жыровіцкай. Акрамя названых, у царкве знаходзіцца шэраг іншых някепскіх абразоў з мяккімі рысамі, якія выпраменьваюць святло і цеплыню. Служаць у царкве айцец Георгій і айцец Ігар.

Фот Арцём Аблажэй
Побач з царквой месціцца старадаўні ляхавіцкі цвінтар. Канешне, ад старых пахаванняў засталіся толькі рэшткі. Большую частку могілак займаюць пахаванні савецкага часу і апошніх гадоў, але тое, што захавалася з даўніх часоў, заслугоўвае ўвагі, і нават не ў належным стане гэтыя магілы вельмі цікавыя помнікі кладавай архітэктуры. Сярод гранітных помнікаў і металёвых агароджаў апошняга часу, напамінам былой раскошы стаяць могілкавыя старажылы – сведкі людской роспачы і жалобы: магіла Леаніды Солтанавай з Вузлоўскіх – паўразбураная, у вобразе мініятурнага храма капліца-пахавальня, якая захавала шэраг барочных рыс; каплічка з помнікам падпалкоўніку Напалеонаўскай арміі Дамініка Рэйтана; крыж на магіле Віктара Кунцэвіча, магіла ляхавіцкага пробашча Францішака Даўгаборскага, а таксама дзве магільныя каплічкі з невядомымі імёнамі пахаваных пад імі.

Пакінуўшы могілкі і спусціўшыся з насамрэч крутога ўзгорка, мы трапляем на парог Ляхавіч старых – таго месца, адкуль пачынаўся горад, і месца, дзе стаяла магутная фартэцыя. Каб трапіць туды, трэба пераадолець па мастку раку Ведзьму, на якой стаяць Ляхавічы.

Як ўжо адзначалася, напрыканцы XVI стагоддзя ў Ляхавічах на левым беразе Ведзьмы была пабудавана фартэцыя. Паглыбляцца ў гісторыю замка (а яна сапраўды велічная і славутая), а таксама акрэсліваць ягоныя архітэктурныя асаблівасці мы не будзем – пакінем гэтую справу гісторыкам. На сённяшні дзень ад фартэцыі амаль нічога не засталося, але  яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя захоўваўся палац і замкавыя муры. Не вайна і не гістарычныя патрасенні сталі прычынай знікнення нават рэшткаў былое моцы, а кепскія рысы чалавечай натуры: «гаспадарлівыя» месцічы разабралі замак па цаглінах, пазбавіўшы нашчадкаў славутага помніка часоў літоўскай дзяржавы. Знікла фартэцыя, але не знікла памяць: у гонар замка ў 1990-я быў усталяваны памятны камень-валун на месца, дзе нібыта былі бастыёны. Аднак гэта памылка лічыць, што фартэцыя стаяла менавіта тут. Яна месцілася трохі далей, дзе зараз знаходзіцца жылы квартал, куды мы і накіроўваемся, каб знайсці якія-небудзь рэшткі фартэцыі. Што датычыцца месца, дзе стаіць памятны камень, то тут усё зроблена больш сімвалічна – дагледжаная пляцоўка, парослая травой, аточаная з двух бакоў вадою, сімвалізуе месца, дзе была фартэцыя.

Праз дарогу ад камня ўзносіць да нябёс свае крыжы на блішчастых купалках белакаменная каплічка ў неарускім стылі, усталяваная на месцы зруйнаванага саветамі велічнага і старажытнага храма, у якім пэўны час захоўвалася беларуская святыня – Абраз Маці Божай Бялынічскай. Спачатку гэта быў каталіцкі, а пасля паўстання Каліноўскага – праваслаўны храм Уздзвіжання Святога Крыжа, пабудаваны яшчэ ў 1745 годзе ў формах віленскага барока. На жаль, ад таго сапраўды выбітнага помніка архітэктуры на сёння захаваліся толькі пісьмовыя звесткі і апісанні, а таксама адна фатакартка часоў Першай суветнай вайны…

За каплічкай бачым сучасны ляхавіцкі рынак. Чым толькі там ні гандлююць! У больш сучасных шапіках месцяцца гандляры адзеннем і абуткам, прывезеным з Польшчы; за драўлянымі прылаўкамі, а то і проста з зямлі гандлююць мясцовыя людзі вытворчасцю сваёй гаспадаркі. Назіраць за імі – сапраўдная асалода: вось каля самой брамы стаіць цыбаты дзед з кірпатым носам і прапануе ўсім раннія агуркі, побач з ім хваліць сваю гародніну жвавая бабулька з кіёчкам і добрымі вачыма, а праз дарогу ад іх грузная жанчына з залатымі зубамі заклікае пакаштаваць яе кілбасы і паляндвіцы. Трохі далей – бабуля ў вышыванай хусцiнцы трымае пляцёны кошык з малымі куранятамі, а напрыканцы сядзіць і смаліць самасад пануры дзед з поўным вядром квашанай капусты… Усе гэтыя людзі нібыта водгук мінуўшчыны, які ў ХХІ стагоддзі стварае непаўторную атмасферу старадаўняга кірмашу, што ладзілі ў мястэчку на пачатку мінулага стагоддзя ажно шэсть разоў на год.
Побач з сучасным рынкам месціцца колькі разнастайных крам, а праз дарогу аўтавакзал, адкуль адыходзяць аўтобусы на Баранавічы і да навакольных вёсак. За станцыяй, уздоўж галоўнай вуліцы горада (названа яна ў гонар Ілліча) стаіць двухпавярховы, савецкіх часоў жылы дом на некалькі кватэр, а за ім – кінатэатр, таксама пабудаваны за савецкім часам. За ім, праз колькі крам, пачынаецца былы цэнтар мястэчка, ад якога мы збочым улева і пройдзем побач са старасвецкай камяніцай да замкавага квартала.
Замкавы квартал уключае ў сябе тры сучасныя ляхавіцкія вуліцы – Замкавую, частку Камсамольскай і Раганава. Па апошняй мы зварочваем у квартал і праз колькі метраў падыходзім да канаўкі і мастка – гэта ўваход у фартэцыю. У час росквіту замка гэтая канаўка была вялікім ровам і ў фартэцыю можна было трапіць толькі па развадным мосце, але сёння роў значна зменшыўся і парос травой. Няма і рэшткаў замкавай брамы – толькі масток, зроблены з пліты за польскім часам. Сама замкавая пляцоўка ўяўляе сёння жылы квартал забудовы ХІХ стагоддзя, якая ў пэўнай ступені захавалася. Здаецца, планіроўка вуліц у гэтым квартале дайшла да нашых дзён яшчэ з часоў замка, бо яны тут пакручастыя і нагадваюць сярэднявечныя вулачкі старой Вільні. Але ж колькі мы тут ні блукалі, знайсці што-небудзь істотнага ад фартэцыі не атрымалася. Аднак, выходзячы з Замкавага завулка на вуліцу Камсамольскую, мы ўперліся ў двор, дзе стаіць вельмі загадкавы хлеўчык: невялічкі, атынкаваны, складзены з вялікіх каменняў, з цаглянымі арачнымі дзвярамі і акенцамі. Няўжо мы сустрэлі будынак часоў фартэцыі, які памятае пра гераічную абарону, мужных ваяроў і час нашага вайсковага гонару?! Гэта так званы «бюргерскі домак», змурованы ў абарончым стылі. Паколькі ён знаходзіца ў межах былое фартэцыі, ёсць падставы сцвярджаць пра ўзаемасувязь гэтага мура з гісторыяй Ляхавіч ад XVI стагоддзя. Вярнуўшыся па замкавым вулачкам да скрыжавання побач з кінатэатрам, мы працягнем вандроўку па мястэчку.
Калі збочыць управа ад былога цэнтра мястэчка, дзе месціцца будынак былой царскай пошты, то раней можна было трапіць на вуліцу Татарскую (зараз Цітовіча), дзе спрадвек жылі магаметане, а ў цэнтры вуліцы стаяў мячэт. У Ляхавічах татары жывуць і па сёння, яны маюць сваю рэлігійную суполку. Нам пашчасціла сустрэцца і пагутарыць са старшыней суполкі спадаром Алі-Рашыдам, які распавёў пра жыццё сучасных татар. Сёння жыве іх у Ляхавічах каля паўсотні. Сярод ляхавіцкіх татар двое нават умеюць чытаць і пісаць па-арабску, а адзін справіў хадж у Мекку.

Фот. Арцём Аблажэй
Сённяшнія мусальмане прытрымліваюцца шмат якіх канонаў і выконваюць шэраг традыцыйных абрадаў: святкуюць Рамазан-Байрам (перад якім трымаюць пост); не п’юць гарэлкі; шануюць святую пятніцу, у якую здзяйсняюць намаз, а часам збіраюцца на супольную малітву.

На жаль, сярод ляхавіцкіх татар не захавалася шмат пабытовых абрадаў – іменадання, вяселля і іншыя, бо іх носьбіты памерлі і не перадалі нашчадкам свае веды. Ляхавіцкія татары захавалі і праводзяць па старадаўніх канонах пахаванне: нябожчыка загортваюць у саван, кладуць яго галавой на захад і тварам да Меккі, робяць над ім драўляны скатны дах. Напрыканцы мая на старажытным – стагоддзя XVIII, не менш – ляхавіцкім мізары, каб узгадаць памерлых продкаў, збіраецца шмат народу. Гэта мясцовыя татары і ўсе тыя, хто калісьці выехаў адсюль.

У асяроддзі ляхавіцксіх татар захаваліся рэшткі традыцыйнай і вядомай сваімі прысмакамі кухні. Па святах, а часам і ў будні жанчыны гатуюць смачныя калдуны – мяса, завернутае ў цеста; перакачэннікі – на раскатанае цеста кладзецца бараніна, накрываецца цестам, потым зноў бараніна і цеста, скручваецца ў рог і гатуецца ў каструлі; цыбульнікі – падобная на перакачэннік страва, толькі мяса змешваецца з вялікай колькасцю цыбулі.

Сам старшыня мусульманскай суполкі сп. Алі-Рашыд, чалавек сталага веку, са знешнімі рысамі сапраўднага татарына: міндалевідныя вочы з азіяцкім прыжмурам, густыя сівыя валасы, сярэдні рост і крэпкая постаць. Ужо пад канец нашае размовы сталы татарын пачаў разважаць пра жыццё, Аллаха, выхаванне моладзі і мінуўшчыну. І чулася ў яго размовах мудрасць старадаўніх імамаў, якія навучалі не адно пакаленне паслядоўнікаў Магамета. Паслухаць яго вельмі цікава і карысна.

Вернемся ў мястэчка. У ранейшым яго цэнтры – базарнай плошчы – сёння месціцца сквер і плошча Перамогі з помнікам і брацкай магілай. У далёкія часы на гэтым месцы ладзіўся ляхавіцкі кірмаш. На гандаль збіраліся сяляне і габрэі з усяго наваколля. Кірмаш быў сапраўдным святам. Пра тое, як ён праходзіў, у Ляхавічах захаваліся звесткі ў мемуарах былога жыхара горада, які пасля вайны з’ехаў за мяжу, Ноаха Мельніка. Вось што ён піша:
В базарные дни местечко просыпалось рано. Шумный народ заполнял базарную площадь и прилегающие улицы. Крестьяне плотно устанавливали повозки с товарами. Рядами выстраивались гончары, бондари, кушнеры, кузнецы. В наполненных водой бадьях плавали метровые щуки, плоские карпы. Торговали поросятами, свиньями, овцами, телятами, коровами и лошадьми. Вот балагул  покупает у мужика коня, торгуются, бьют друг друга по рукам, расходятся и снова сходятся. Вот крестьянка, продав фунт масла, десяток яиц и курицу, направилась в лавку Епштейна купить праздничный головной платок. А там два мужика после успешного «гандлю» направляются в ресторацию Файвеля Рыжего обмыть это дело. Выходят оттуда повеселевшие, обнимаются, целуются, заверяя друг друга в уважении и вечной дружбе. К вечеру местечко пустело, евреи убирают навоз напротив своих домов, иначе "полициант" оштрафует. В местечке улица должна быть чистой.

Сквер і плошчу атачаюць старадаўнія камяніцы ХІХ стагоддзя. Большасць з іх стаіць абапал вуліцы 17-га верасня (былая Пінская). Там захаваліся будынкі былых крам з прыкметамі вітрын-галерэй, будынак былой карчмы, гатэль (яшчэ некалькі год таму гэта была цудоўная двухпавярховая камяніца з сапраўдным местачковым каларытам, але зрабілі рамонт і цяпер нават і не скажаш, што гэта стары будынак). За карчмой стаіць былая сінагога (зараз крама «Птушка») – месца традыцыйнага збору местачковай габрэйскай грамады, а за сінагогай некалькі камяніц, адна з каторых, з чырвонай цэглы, досыць прыгожая. Далей па вуліцы стаіць драўляны жылы дом, за якім захаваўся мураваны будынак касы ўзаемадапамогі бедным габрэям, дзе потым быў Польскі банк.

Фот. Павел Булаты
Ад вуліцы Пінскай (17-га верасня) у левы бок ідзе самая шырокая ў мястэчку былая вуліца Гажэвіцкая (зараз Камсамольская), абапал якой захаваліся старадаўнія жылыя дамы. Усе яны драўляныя (за выключэннем адной камяніцы 1933 года і будынка школы мастацтва), рознага памеру, стаяць шчыльненька на нізенькіх падмурках, і іхнія акенцы загадкава і пільна глядзяць на нас, мінакоў. У забудове ёсць адна заканамернасць: чым далей ад цэнтра, тым хата меншая. Пэўна, ва ўсе часы жыллё ў цэнтры было больш каштоўным.

Далей па вуліцы стаяць адміністрацыйныя будынкі – былой гміны і рэйтанаўскай гімназіі, за імі на скрыжаванні знаходзіцца помнік ваярам часоў Першай сусветнай вайны. Тут вуліца раздвойваецца. Адна дарога вядзе да былога гаспадарчага двара Гажэвічы (зараз там «падсобная» гаспадарка), а другая – да былога касцёла Святога Юзэфа. Пабудаваны ён быў напачатку ХХ стагоддзя мясцовым панам Юзэфам Рэйтанам. Гэта быў велічны і ўзнёслы гатычны храм з адной вежай. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл зачынілі і зрабілі з яго паліклініку, якая існуе і па сёння. Калі касцёл зачынялі, улады далі загад збіць з храма крыжы, але з местачкоўцаў на гэта ніхто не рашыўся пайсці. За колькі рублёў пагадзіўся адзін падлетак з бліжэйшай вёскі. Але калі ён узлез на вежачку, то раптоўна грукнуўся долу. Хлопчык застаўся жывы, але праз тыдзень ён памёр у страшэнных пакутах.

Ад касцёла па Камсамольскай вуліцы зноў вяртаемся да цэнтра горада. Увогуле, у сучасных Ляхавічах, дзе жыццё і сёння ідзе павольна, ад часоў мястэчка шмат што захавалася. Па-першае, гэта камяніцы ў цэнтры горада і жылая пабудова: акрамя замкавага кварталу і вуліцы Камсамольская, гэта яшчэ забудова па Першамайскай (былой Клецкай) і раскіданыя хаты напачатку вуліц, адыходзячых ад цэнтра. Па-другое, жывуць яшчэ ў Ляхавічах тыя беларусы, якія памятаюць пра жыццё мястэчка за польскім часам і могуць шмат чаго пазнавальнага і павучальнага распавесці. Жывуць і іх нашчадкі – людзі ветлівыя, шчырыя і гасцінныя. Аднак сёння знайсці ў горадзе каго-небудзь з местачковых габрэяў сталага веку здаецца немагчымым. У час вайны нацысты знішчылі габрэяў у ляхавіцкім гета (знаходзілася на тэррыторыі сучаснага кансервавага завода). Тыя, хто цудам выжыў, у большасці з’ехалі за мяжу, а хто застаўся – змяшаліся з беларусамі.

Фот К. Шастоўскі
З часоў мястэчка ў горадзе захавалася адна вельмі цікавая звычка. Вядома, што ў старыя часы крамы называліся па імені іх уладара: рэстарацыя Файвеля Рыжага, лаўка Эпштейна і іншыя. Дык вось у Ляхавічах сёння мясцовыя жыхары ніводнай крамы не называюць па шыльдзе, а толькі па прозвішчу прадпрымальніка, які яе трымае. Запытайцеся ў мясцовых: «Дзе знаходзіцца крама “Верас”, “Крышталь” ці “Лявон”?» Адразу ніхто і не скажа. Затое ўсе ведаюць, дзе крама Радзюка, Царука і Жыжова.

Няменш вартай славутасцю Ляхавіч з’яўляюцца выбітныя асобы нашай гісторыі і культуры, якія нарадзіліся ў горадзе ў розныя часы. Гэта першы беларускі мемуарыст Хвёдар Еўлашэўскі, вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Францішак Ксавэры Несялоўскі, выдатны пісьменнік Сяргей Пясэцкі, чыя маладосць прайшла пад бел-чырвона-белым штандарам у беларускіх партызанскіх атрадах «зялёнадубаўцаў».

Ад цэнтра (плошчы Перамогі) збочым управа і трапім на вуліцу Савецкую (былую Мыслабажскую) і пройдзем да каталіцкага касцёла Сэрца Ісуса. З’явіўся ён у горадзе ў 1990-я. Пабудаваны з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі з двума вежамі, якія ўзвышаюцца над горадам, касцёл з’яўляецца прывабным будынкам сучаснага дойлідства. Храм мае гатычныя рознакаляровыя пластыкавая вокна-вітражы. Над уваходам знаходзіцца вялікі вітраж з выявай Збавіцеля, а на пляцоўцы каля касцёла ўзвышаецца крыж. Каля ўвахода вісіць памятная шыльда, якая нагадвае ўсім вернікам і наведвальнікам, што першы камень храма быў асвечаны 12 ліпеня 1994 года Казімірам Свёнтекам. Унутры касцёла, пад драўлянай скляпеністай столлю, якая трымаеццы на шасці калонах, аздобленых дэкорам з цудоўнай драўлянай разьбой, знаходзіцца галоўная малітоўная зала. Упрыгожваюць яе новаствораныя абразы, невялікія постаці святых і высокі алтар, які завяршае сімвал усёвідушчага вока.

З правага боку ў касцёле арганізаваны прыдзел святога Яна Хрысціцеля. Тут усталявана вялікая пліта з белага граніту ў гонар літвінскага патрыёта, выбітнага сына нашай нацыі Тадэвуша Рэйтана. У цэнтры пліты барэльефны партрэт героя, а пад ім надпіс: “Тадэвуш Рэйтан 1742-1780, пасланнік Наваградскай зямлі, …а цягенне маё ўбога, ахвярую табе, о Божа, за маю нешчаслівую Айчыну”.

З прадметаў даўніны ў касцёле, за выключэннем стагадовай статуі Хрыста, якая выкарыстоўваецца падчас крыжовага ходу, нічога няма. Сёння тут ладзіць набажэнствы ксёндз Станіслаў. У большасці набанжэнствы ў Ляхавічах праводзяцца па-беларуску, але падчас казання ксёндз можа трохі запамятаваць і пачаць размаўляць па-польску, а потым зноў па-беларуску. Усе вернікі ўжо з гэтым звыкліся і добра разумеюць, пра што кажа пан Станіслаў, а кажа ён насамрэч пра з’явы важныя і патрэбныя.

К. Шастоўскі

Ад касцёла па вуліцы Леніна, мінаючы праваруч савецкія цагляныя пяціпавярхоўкі, мы рушым да сучаснага грамадскага цэнтру горада, дзе праходзяць усе галоўныя святы і ўрачыстасці. Да плошчы Леніна вядзе парк з фантанам і сквер у гонар 500-годдзя горада. За скверам стаіць помнік «Фартэцыя» з выявай гарадскога герба і шыльдамі з тэкстам па гісторыі горада. Гэты помнік мясцовыя жыхары называюць «маяк». Адразу за «маяком» пачынаецца плошча, якую акружаюць высокія будынкі – банк, пошта, выканкам (ляхаўчане на яго кажуць «белы дом») і Дом культуры. За цэнтрам, на ўскрайку горада знаходзіцца Ляхавіцкі аграрны каледж. На гэтую ўстанову можно было б і не звяртаць увагі, але ў адным са шматлікіх карпусоў калежда знаходзіцца мо адзіны ў акрузе музей, дзе захоўваюцца рэшткі замкавых муроў і кафляў, сярэдневечная зброя і каменны тапор з часоў сівой даўніны.

Сучасныя местачкоўцы жывуць па-рознаму: адны – у звычайных шматпавярхоўках, другія – у прыватных дамах на сваёй зямлі. Кватэры маюцца ў панэльных ці цагляных дамах, пабудаваных за савецкім часам. Такія дамы ўтвараюць сваеасаблівы «савецкі квартал». Паблукаўшы па такім квартале, можна ўбачыць тыповыя  дворыкі з пясочніцай, гаражамі, галубятняй, развешанай бялізнай, лаўкамі і столікам, дзе мужыкі гуляюць у карты ці даміно. Іншы лад у новабудоўлях апошняга часу. Тут у кожнага свой участак зямлі, на якім стаіць дом, часам двухпавярховы, перад ім лужок з кветнікам. Там-сям расце гародніна, пабудаваны альтанкі, у якіх збіраюцца летнімі вечарамі суседзі, смажаць мяса і гамоняць далёка за поўнач.
Тым і жывуць сучасныя Ляхавічы.

Текст: Павел Булаты

Фото: http://www.radzima.org/ru/mesto/lyahovichi-2.html

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць