Thursday, May 25th

Last update:04:58:39 AM GMT

Зараз вы тут:

Каралеўскі горад вачыма беларускіх студэнтаў

E-mail Друк PDF
Рэйтынг карыстачоў: / 3
ГоршыЛепшы 

Цёплым сакавіцкім днём я й мая дзяўчына Натальля прыехалі ў Кракаў. Хаця й вучымся ў Польшчы: яна ў Варшаве, а я ва Ўроцлаве, але ў каралеўскі горад выбраліся ўпершыню. Тым больш даўно было атрыманае запрашэньне ад майго сябра Кубы, які там жыве.


Некалькі хвілінаў пешшу ад вакзала ў бок старога горада і мы трапляем на рынкавы пляц, які ня гледзячы на тое, што на двары канец сакавіка й чацьвер, досыць запоўнены турыстамі. Прызнацца шчыра, гэта хіба што адзіны мінус Кракава… Па сэзоне Вы рэдка пачуеце ў цэнтры горада польскую мову празь вялікую колькасьць турыстаў з усяго сьвету! Але ва ўсім астатнім культурная сталіца Польшчы пакідае самыя лепшыя ўражаньні і пачуцьці.

Шпацыруем па гістарычным цэнтры. Куба лепей за гіда распавядае гісторыю Кракава й гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Дарэчы, горад падчас ІІ Сусьветнай вайны ня быў зьнішчаны, па-гэтаму адсутнічае рэзкі кантраст паміж да й пасьляваеннымі будынкамі. У старым горадзе няма офісаў са шкла й бэтону, якія рэжуць вока. Усё гэта знаходзіцца ў сучаснай частцы, якая паўстала як працяг старой забудовы.

Увечары брукаваныя вулачкі нас прывялі зноўку на рынак, каб паслухаць гэйналіста, які па традыцыі штогадзіну зьяўляецца на адной зь вежаў Марыяцкага касьцёла й пару хвілінаў трубіць у гэйнал. Звычай пайшоў з часоў, калі татара-манголы ажыцьцяўлялі свой захопніцкі набег на Эўропу. Калі варожае войска ўвайшло ў горад, гэйналіст вырашыў папярэдзіць людзей музыкай, але праз мамэнт мэлёдыя перарвалася, бо страла трапіла яму шыю. Так паўстаў гэты звычай, які да гэтага часу зьяўляецца візытоўкай Кракава.
Што тычыцца бараў, пабаў, каварняў…, то мейсца ў прамым сэнсе нафаршаванае імі. Пытаньне толькі ў тым колькі грошаў Вы гатовыя патраціць. Ад самых глямурных рэстарацый на рынкавай плошчы й відам на помнік Адаму Міцкевічу да больш сьціплых піўных пабаў у завулачках на Казіміры… Акурат у такі нас завёў Якуб і мы не пашкадавалі. Установа, якую цяжка знайсьці самастойна, (бо звонку незаўважная), унутры нагадвала мурашнік зь людзей. Па правым баку знаходзіцца бар, дзе разьліваюць польскае піва дзясятку гатункаў. Яшчэ больш гатункаў піва толькі з розных краінаў сьвету наліваюць за барнай стойкай зь левага боку.

Пасьля знаёмства з горадам і дэгустацыі піва мы накіраваліся на месца нашага начлегу. Дзякуючы Кубе мы пасяліліся ў турыстычным комплексе “Горн” (глядзі здымку). Знаходзіцца ён у 15-ці хвілінах язды трамваем ад цэнтральнага вакзалу, ў прыватным сэктары. Комплекс гэты адмыслова прыстасаваны да трэнеровак і спаборніцтваў на розных відах чаўноў, а таксама ветразёвых дошках. Турбаза разьмешчаная ў мяляўнічай мясцовасьці на беразе штучнага вадаёму Багры ў далечыні ад шуму трамваяў і аўтобусаў. Тут ёсьць усё неабходнае для спакойнага адпачынку, асабліва, калі Вы не зьбіраецеся выдаткоўваць шмат сродкаў на жытло. У пансіянаце туркомплекса “Горн” Вас чакаюць 42 спальных месца – найтаншых у Кракаве. На двух паверхах разьмешчаныя 3 двухасабовых пакоі і 6 шасьціасабовых. Кошт на адну асобу залежна ад пакою ад 25 да 40 злотых. Што ў гэта ўключана? Ложкі з чыстай бялізнай, столікі з настольнымі лямпамі, начныя столікі, шафы для вопраткі, крэслы й, канешне, wi-fi інтэрнэт. Прыбіральня з умывальнікамі і душам на паверсе, а таксама кухня. Для гасьцей на машынах прадугледжана бясплатная паркоўка. Таверна з адмысловай назвай “Горн” парадуе сваёй кухняй і прымальнымі коштамі.

Увогуле нам вельмі спадабалася гэтая турбаза. Пад цёплым вясновым сонейкам і краканьне качак прыемна было назіраць, як людзі рыхтуюць свае чаўны да адкрыцьця спартовага сэзону. Трэба дадаць, што вада ў возеры Багры вельмі чыстая й прыстасаваная да купаньня, але для яго было сапраўды ранавата.

На наступны дзень мы выправіліся ў горад, каб пакаштаваць традыцыйную кракаўскую запеканку. Не без дапамогі Кубы, мы трапілі на пляцык, дзе набылі па агромністай запеканцы “фуль выпас”, якая робіцца ў печцы, а не мікрахвалёуцы й каштуе ўсяго 8 злотых. Пасьля мы накіраваліся на ўскраяк горада, дзе знаходзяцца скалкі Твардоўскага. Гэта прыроднае дзіва ўяўляе зь сябе прыродныя скалы, вышынёй з тры дзясяткі мэтраў. Падняцца на іх можна як звонку па сьцежках, так і ўнутранымі лябірынтамі, якія створаныя чалавекам. З вышыні скалак адкрываецца фантастычны від на Кракаў і ў прыватнасьці на рэзідэнцыю польскіх каралёў – Вавэльскі замак. Увогуле дадзенае месца карыстаецца папулярнасьцю ў мясцовых студэнтаў, якія часьцяком выбіраюцца сюды на пікнікі.

У нас таксама быў свой лякальны пікнік пад маляўнічыя краявіды й захад сонца. Дадам, што Натальлі Кракаў асабліва запаў у душу, стаўшы ўлюбёным горадам з усіх, дзе яна была. Безумоўна, за 2 дні нам удалося пабачыць далёка ня ўсё. Але з гэтага вынікае тое, што мы абавязкова вернемся у гэтае цудоўнае мейсца!

Асаблівую падзяку мы выказваем Кубе (Якубу Логінаву), які арганізаваў такія цудоўныя выходныя ў Кракаве!

==

Пра Горн

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць