Sunday, Jun 25th

Last update:04:58:39 AM GMT

Зараз вы тут:

Media, media, euro-tragedia

E-mail Друк PDF
Рэйтынг карыстачоў: / 0
ГоршыЛепшы 

Праз два тыдні пачнецца адная з самых важных падзей у сьвеце спорту бягучага года, а, менавіта, Чэмпіянат Эўропы па футболе, (у народзе проста Эўра 2012). Праводзіць дадзенае мерапрыемства пашчасьціла Польшчы й Украіне. Я са свайго боку хацеў бы падзяліцца ўражаньнямі, якія атрымаў, назіраючы за падрыхтоўкай Польшчы да чэмпіянату. Менавіта гэтай краіны, бо я тут жыву. Хтосьці скажа, што гэтая тэма зацёртая да дзірак, але я хачу апісаць тое, што пабачыў, так бы мовячы “вачыма замежніка”. Ну што ж, пачнем!


Самае істотнае адрозьненьне Польшчы ад суседкі Украіны ў тым, што яна зьяўляецца сябрам Эўразьвязу. А, значыцца, большая частка сродкаў на падрыхтоўку й правядзеньне Эўра 2012 была атрыманая з агульнаэўрапейскага бюджэту. Галоўныя праблемы, якія мусіла выканаць краіна наступныя:

1)    Будаўніцтва новых стадыёнаў, якія б адпавядалі стандартам правядзеньня мерапрыемстваў падобнага кшталту;
2)    Рамонт і будаўніцтва аўтадарог, чыгункі і вакзалаў;
3)    Прывядзеньне ў парадак гарадоў, якія прымаюць чэмпіянат.
Сыходзячы з гэтага я буду дзяліцца сваімі ўражаньнямі. На жаль, горшага больш, чым добрага. Але гэта мой уласны пункт гледжаньня. Пачну з добрага.

Усе гарады справіліся з першым пунктам. Сапраўды, у Варшаве, Ўроцлаве, Познані і Гданьску зьявіліся новыя вялікія стадыёны. Важная рэч. Галоўнае, каб пасьля чэмпіянату гэтыя гіганты са шкла, сталі і бэтону сябе акупілі. І тут не абыйдзецца правядзеньнямі футбольных матчаў агульнапольскага маштабу, але й Лігі Чэмпіёнаў, канцэртаў сусьветных музычных зорак і г. д. Але гэта ўжо праблема мясцовага самакіраваньня. Як кажуць, час пакажа.

Што тычыцца пункту №2, то мне хочацца плакаць. З часоў здабыцьця незалежнасьці Польшчай, улады амаль не займаліся будовай аўтастрад. Справа ў тым, што якасьць польскіх дарог даволі добрая, але яны вузкія й у сваёй большасьці не транзытныя, у адрозьненьне ад краіны. А гэта значыць, што патокі легкавых машын і TIR’аў едуць праз мястэчкі і вёскі, што стварае заторы й зьямншае таваразварот і прыбыткі ад перавозкі грузаў.

Па-гэтаму менавіта ў рамонт і будаўніцтва новых дарог былі ўкладзеныя вялікія грошы. Увогуле ні для каго не сакрэт, што добрая частка зь іх была скрадзеная і “адмытая”. Але пры ўсім гэтым сродкаў хапала, каб выканаць пляны, але незразумела чаго не хапіла: часу, працоўных рук…? Хіба што жаданьня. Прывяду некалікі прыкладаў.

Дарога Е67 на адрэзку Варшава-Петрыкаў Трыбунальскі, (каля 130 км), да гэтага часу на рамонце й вядомая сваімі заторамі. Працяг аўтастрады А4 ад Кракава ў накірунку Жэшава ўяўляе сабой толькі 30 км. Вельмі яскравым прыкладам падыходу да сваіх абавязкаў прадэманстраваў адзін з лакальных кіраўнікоў будовы аўтастрады А2 (Сьвецко-Варшава), які вырашыў зэканоміць і выкарыстаў танныя матэрыялы, а рэшту паклаў  ў сваю кішэню. У выніку нямецкая камісія  прызнала дваццацікілямэтровы адрэзак неадпаведным стандартам аўтабану й ён быў разабраны. Адзначу, што сама А2 хоць і ня будзе дабудаваная да самой Варшавы, але скончаная на ¾ , а гэта вялікі плюс. З добрага таксама адзначу, што вакол Ўроцлава йшчэ ў верасьні 2011 г. адкрылі аб’язную дарогу, што амаль пазбавіла сталіцу Ніжнесілескага ваяводзтва ад затораў. Цалкам пабудаваны кавалак аўтабану А1 ад Гданьска да Торуні.

Пяройдзем да чыгункі. Тут таксама ўсё выглядае сумна: частыя затрымкі цягнікоў праз рамонт, доўгі час падарожжа, (нават на экспрэс-маршрутах), нізкі ўзровень камфорту ў цягніках… Стан вакзалаў – асобная тэма. Канкрэтна вазьму за прыклад галоўны чыгуначны вакзал ва Ўроцлаве на якім я працаваў (апошні раз 2 дні таму). Канешне, йшчэ напрыканцы восені было афіцыйна заяўлена, што рамонт такой чыгуначнай артэрыі як уроцлаўскі вакзал будзе скончаны толькі на 90% Нажаль, на дадзены момант нават гэтага няма. На мой пункт гледжаньня, галоўная праблема ў тым, што рамонт не ажыцьцяўляе адзіна канкрэтная фірма. Ім займаюцца шмат дробных фірмаў, якія ня могуць паразумецца й дамовіцца. Па-гэтаму, усё робіцца не сінхронна й з затрымкамі. І зноўку праблема крадзяжоў. На маіх вачох была зроблена нахабная спроба скрасьці некалькіх паддонаў з дарагім скандынаўскім дрэвам. Жах!

Ну й нарэсьсе вонкавы выгляд, інфраструктура, камунікацыя гарадоў-гаспадароў Эўра 2012. Гэтая праблема таксама ня вырашаная цалкам. Але на фоне астатняга выглядае значна лепш. Зьявіліся новыя маршруты гарадзкога транспарту,  пабудавалі новыя гатэлі, адкрылі новыя кавярні… Нэгатыўнае ўражаньне аказала на мяне будаўніцтва другой лініі мэтро ў Варшаве, адкрыцьцё якой плянавалася акурат пад чэмпіянат. На дадзены момант жыхары й госьці польскай сталіцы церпяць вялікія нязручнасьці зьвязаныя з рэгулярным закрыцьцём некаторых станцый асноўнай лініі на час будаўнічых прац.

У заключэньне хачу йшчэ раз падкрэсьліць, што гэта пераказ маіх уласных уражаньняў і толькі. Пункт гледжаньня чалавека, які прыехаў жыць у эўрапейскую дэмакратычную дзяржаву. І гэтую краіну наведаюць мільёны турыстаў з дзясяткаў, а, можа, й сотняў краінаў сьвету. Яны як і я зробяць свае вывады й падзеляцца сваімі ўражаньнямі. Якімі яны будуць? Даведаемся вельмі хутка!

Глеб Сандрас 22.05.2012 


Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць